yevmen (yevmen) wrote,
yevmen
yevmen

Сын святара

Значнай асобай нашай гісторыі з’яўляецца Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі – дзяржаўны і грамадскі дзеяч Беларусі, вучоны-гісторык, першы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі.

Usiewa_ad_Ihnatouski

Нарадзіўся Усевалад Ігнатоўскі 19 красавіка 1881 года ў в. Токары Камянецкага раёна. Бацька яго, Макар Іванавіч, быў настаўнікам мясцовага народнага вучылішча, а пасля стаў служыцелем царквы, закончыўшы Кіеўскую духоўную семінарыю. І сына свайго ён хацеў бачыць святаром, бо адправіў вучыцца Усевалада спачатку ў Віленскае духоўнае вучылішча, а пасля ў семінарыю. Каб пазбегчы звальнення з семінарыі за ўдзел у распаўсюджванні рэвалюцыйных пракламацый, Усевалад Ігнатоўскі перавёўся ў магілёўскую семінарыю, якую скончыў у 1902 годзе. Пасля неаднойчы яго нядобразычліўцы крычалі аб тым, што навуковец Ігнатоўскі зусім не савецкі, бо, маўляў, бацька ў яго быў поп і ён сам – выхаванец духоўнай семінарыі, хоць царкоўнай асобай У.М. Ігнатоўскі ніколі не быў.

вёска Токары

вёска Токары

Восенню 1902 года Усевалад Ігнатоўскі паступіў у Пецярбургскі універсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. Пасля заканчэння першага курса на летнія канікулы ён паехаў у мястэчка Быцень, куды бацька перавёўся на вакантнае месца святара ў мясцовай Успенскай царкве.

Усё тут цікавіла і захапляла Усевалада: адзнакі глыбокай старасветчыны і быт мястэчка, маляўнічая прырода і мясцовы вакольны люд. Бацька яго, Макар Іванавіч, акрамя непасрэдных святарскіх абавязкаў, выкладаў Закон Божы ў Быценскім народным вучылішчы. Дарэчы, вучняў у 1902-1903 навучальным годзе было шмат: 200 хлопчыкаў, але ніводнай дзяўчынкі. З наступнага навучальнага года працы Макару Іванавічу прыбавілася – акрамя Быцені, Закону Божаму ён вучыць дзетак з вёскі Доўгая. Праўда, школка была невялікая: яе наведвалі ўсяго 32 вучні.

Быцень

Быцень

Але вернемся да Усевалада Ігнатоўскага. Гады, якія выпалі яму на час навучання ў Пецярбургу, былі неспакойныя. Студэнцкае жыццё кіпела: праходзілі сходкі, дэманстрацыі, якраз ствараліся палітычныя партыі. Юнак з галавой акунуўся ў бурлівае жыццё, зрабіў свой першы палітычны выбар, уступіўшы ў партыю эсэраў. За ўдзел у антыдзяржаўных дэманстрацыях, як палітычна ненадзейнага, яго выслалі да бацькоў у Быцень – і хоць у 1906 годзе яму ўдалося аднавіць вучобу ў Пецярбургскім універсітэце, ужо на наступны год яго выслалі на пасяленне ў Аланецкі край. Пасля адбыцця пасялення паступіў у 1909 годзе ў Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт, які закончыў у 1911 годзе. Ужо ў тыя гады яго ўсё больш цікавіла гістарычнае мінулае беларускага народа.

Быцень

Быцень

У няпросты час Першай сусветнай вайны яго палітычныя погляды паступова збліжаліся з платформай беларускага нацыянальнага руху ў яго рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні. У Яраслаўлі, куды перабраўся Мінскі настаўніцкі інстытут (Усевалад Макаравіч быў там выкладчыкам, а пасля дырэктарам), У.М. Ігнатоўскі ўключаецца ў палітычныя варункі той пары: прымае ўдзел у выступленнях супраць царызму, пазней ва ўсталяванні ў горадзе савецкай улады.

У 1919 годзе У.М. Ігнатоўскі стварыў у Мінску Беларускую камуністычную арганізацыю, а яшчэ праз год уступіў у РКП(б). Вясной 1921 года яго прызначаюць народным камісарам асветы БССР. Ён па праву лічыцца адным з заснавальнікаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У.М. Ігнатоўскі меў непасрэднае дачыненне да арганізацыі Дзяржаўнай і універсітэцкай бібліятэк, Дзяржаўнага музея, цэнтральнага архіва выдавецтва “Савецкая Беларусь”.

Вялікі ўклад зрабіў У.М. Ігнатоўскі і ў станаўленне гістарычнай навукі ў краіне. Ім напісаны шэраг выдатных навуковых прац па гісторыі Беларусі, сярод якіх “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” (1919г.), “Гісторыя Беларусі ў XIX і на пачатку XX ст.” (1926г.), “1863 год на Беларусі” (1930г.) і інш.

У 1929 годзе ён становіцца першым прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук. Ад гэтага года і да пачатку 1931 ён пачаў падвяргацца жорсткім абвінавачанням у нацыяналізме. У студзені 1931 года У.М. Ігнатоўскага выключылі з партыі, неаднаразова выклікалі на допыты ў АДПУ. Не маючы магчымасці супрацьстаяць і даказаць ілжывасць надуманых абвінавачанняў, У.М. Ігнатоўскі застрэліўся 4 лютага 1931 года.

Трагічна склаўся лёс сям’і У.М. Ігнатоўскага. Старэйшы яго сын Міхась стаў гісторыкам, але не змог знайсці працу ў Мінску і ў 1934 годзе паехаў у Сібір. Там ён працаваў электрыкам, інжынерам, настаўнікам, і толькі на пачатку 60-х гадоў вярнуўся на Радзіму.

У кастрычніку 1936 года арыштавалі сярэдняга і малодшага сыноў У.М. Ігнатоўскага – Юрася і Валянціна. Яны абвінавачваліся ў тым, што быццам бы арганізавалі тэрарыстычную групу, бо “затаілі злобу супраць Савецкай улады і паставілі сваёй задачай помсціць за смерць бацькі”. У кастрычніку 1937 года Юрась і Валянцін Ігнатоўскія былі расстраляны.

Жонку У.М. Ігнатоўскага Марыю Севасцьянаўну арыштавалі ў жніўні 1937 года і як жонку “ворага народа” асудзілі на восем гадоў турмы. Пакаранне адбывала ў вядомым КарЛагу. Пасля вызвалення ў 1943 годзе паехала да адзінага жывога сына Міхася ў Кемераўскую вобласць, дзе і памерла ў 1951 годзе.

Амаль 60 год імя славутага вучонага было выкраслена з гісторыі Беларусі, і толькі цяпер мы маем магчымасць звярнуцца да навуковай спадчыны Ігнатоўскага, даведацца пра цікавыя факты з ягонай біяграфіі.

Аляксандр ЗАЙКА, краязнаўца   http://ivacevichi.brest.by

Subscribe

  • Средняя Литва

    Как известно, в 1919 году Вильня с прилегающей территорией стала «яблоком раздора» между Польшей и Летувой. Дело дошло до войны.…

  • Концепция беларуской национальной идеи

    Беларуский народ, несмотря на 20 лет жизни в суверенном государстве, продолжает находиться в идеологической и культурной зависимости от России.…

  • Кто убил Франтишека Олехновича?

    Францішак Аляхновіч Во время немецкой оккупации от рук тайных убийц погибло много беларуских политических, культурных и религиозных деятелей.…

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 1 comment