yevmen (yevmen) wrote,
yevmen
yevmen

Каліноўскі і беларуская ідэнтычнасць

нтарий

Kastus Kalinouski
На навуковай канферэнцыі «Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі», якая адбылася 27-29 сакавіка ў Лёндане, Анатоль Тарас, рэдактар гістарычнага альманаха “Дзяды”, прачытаў даклад «Каліноўскі і беларуская ідэнтычнасць», тэкст якога падаем ніжэй.

У аснову даклада лёг аднаіменны артыкул сп. Тараса, які быў надрукаваны у Запісах Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя В. Ластоўскага №3 «1863: Шляхецкае паўстанне ці народная рэвалюцыя?»

Усе беларусы нешта чулі аб Каліноўскім. Але гэта “нешта” істотна адрозніваецца сваім зместам. Можна вылучыць два асноўных падыхода да адзнакі яго асобы і ўздзеяння на нацыянальную свядомасць: патрыятычны і антыбеларускі.

Тыя аўтары, якія зыходзяць з пункту гледжання так званага «заходне-русізма», па сутнасці адмаўляюць адметнасць беларускага народа і яго права на сваю незалежную дзяржаву. Адпаведна, яны вядуць кампанію ў СМІ, накіраваную супраць Каліноўскага – быццам “тэрарыста”, “псіхапата” і “здрадніка”.

Але ж пры навуковым разглядзе пытанняў агульнай адзнакі паўстання і дзейнасці яго ўдзельнікаў абавязкова трэба ўлічваць “эфект чакання эксперыментатара”, добра вядомы псіхолагам. Яго сутнасць у наступным: даследнік неўзаметку для сябе самога заўсёды (!) дае тлумачэнне вынікам, атрыманым падчас даследаванняў, у адпаведнасці са сваімі тэарэтычнымі гледжаннямі і несвядомымі чаканнямі. Праявы “эфекту чакання” шматкроць пераканаўча паказаныя на матэрыяле эксперыментаў у натуральных навуках. Зразумела, што праявы “эфекта чакання” ў гуманітарных і сацыяльных навуках яшчэ больш моцныя.

Дык вось, калі ўлічваць гэты важны метадалагічны прынцып, мы зразумеем, што прыхільнікі процілеглых поглядаў на паўстанне 1863 года і яго герояў ніколі не пераканаюць адзін аднаго. Гэтаму не дапамогуць ніякія ізноў адчыненыя факты, ніякія лагічныя канструкцыі на аснове фактаў.

Таму няма сэнсу марнаваць час і сілы на палеміку з нашымі ідэйнымі апанентамі. Для нас Каліноўскі – герой, і заўсёды застанецца такім! А для іх ён вораг, таксама назаўсёды.

Нацыянальнасць

Заходнерусісты ўпарта лічаць Каліноўскага палякам. Тое, што ён выдаў на беларускай мове 7 выпускаў нелегальнай газеты “Мужыцкая праўда” і некалькі нумароў газеты “Гутарка” для іх ніякі не доказ. Маўляў, ён выдаваў гэтыя газеты (больш падобныя на ўлёткі) на беларускай мове выключна па тактычных меркаваннях, з мэтай, каб сяляне маглі лепш успрыняць рэвалюцыйную прапаганду.

Але магутным аргументам супраць гэткай тэзы з’яўляюцца “Пісьмы з-пад шыбеніцы”, якія таксама напісаныя па-беларуску. Фактычна, гэта споведзь Каліноўскага перад суайчыннікамі і, адначасова, яго духоўны тэстамент. Гледзячы ў твар смерці, ён пісаў на роднай мове. Адзін толькі гэты факт безумоўна даказвае, што Каліноўскі быў беларусам і ўсведамляў сябе менавіта такім!

Да таго ж, ён ніколі не зваў сябе палякам, а вось ліцвінам – часта. Калиноўскі пісаў у гэтых лістах:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыве ў шчасці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасці свабодна.

Няўжо гэта зварот да палякаў?! І няўжо Ясь – польскае імя?!

Аўтаномія роднага краю

Каліноўскі марыў аб тым, што “вольны” беларускі народ будзе жыць у сваёй уласнай дзяржаве. Што гэта за дзяржава? Спачатку – федэратыўная Рэч Паспалітая ў складзе трох аўтаномій – Польшчы, Літвы (Беларусь + Жамойць) і Русі (Правабярэжнай Украіны).

Так, у тэкстах Каліноўскага аб гэтым нічога няма. Але кожны даследнік абавязаны мець на ўвазе ўсе вядомыя факты. Адным з фактаў з’яўляецца сведчанне царскага генерала Васіля Ратча. У сваім даследванні паўстання (1867 г.) гэты генерал, які сустракаўся з Каліноўскім ў
турме, пісаў:

“…ён зусім не быў схільным працаваць для Польшчы і ў выпадку агульнага вызвалення… калі ў Польшчы ўваскрэсне старажытная магнацтва з усімі шляхецкімі традыцыямі, з нацяжкай прыстасаванымі да ХІХ стагоддзя, бачыць Літву уцягнутай у той жа вір. Больш за ўсё баяўся ён уварвання белай партыі эміграцыі, указваючы, што яна таксама як французская эміграцыя 1815 года, стане дамагацца ранейшых правоў і прывілеяў; Каліноўскі баяўся таго зліцця з Польшчай, пры якім потым ад яе нельга будзе адвязацца”.

Ратч таксама паведаміў, што на допытах арыштаваныя паўстанцы паказалі: у гутарках з паплечнікамі Каліноўскі неаднаразова заяўляў, што ў “новай Рэчы Паспалітай” Літва (Беларусь) павінна мець поўнае самакіраванне і ўсе атрыбуты дзяржавы, як старажытнае Вялікае Княства Літоўскае.

И яшчэ адно сведчанне Ратча:

“Кастусь Каліноўскі з настроем герцэнаўскай школы на чале найбольш  славалюбівых асоб з чырвоных ліцвінаў настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасці Літвы”.

Будучы гісторык і публіцыст Баляслаў Ліманоўскі*, арыштаваны ў Вільні яшчэ ў сакавіку 1861 г. за арганізацыю антыўрадавага выступлення, пазней прыгадваў у сваіх успамінах:

“Мы жадалі аднаўлення Рэчы Паспалітай у яе даўніх межах, але таксама /жадалі/ забяспечыць правы ўсіх нацыянальнасцяў, што ўваходзілі ў яе склад, і падтрымаць абуджаннае пачуццё самабытнасці сярод літоўска-рускага /гэта значыць – беларускага. – А.Т./ народа”. /* Б. Ліманоўскі (1835—1935), які нарадзіўся ў Латгаліі (тады – Віцебская губерня), быў з беларускай шляхты. Яго бацька паходзіў з Кобрыншчыны, маці (з роду Віславухаў) – таксама. Менавіта Ліманоўскі ў 1862 г. па загаду генерала Л. Мераслаўскага, якога эмігранцкія колы прызначылі найвышэйшым кіраўніком паўстання, утварыў у Вільні Літоўскі Правінцыяльны камітэт, куды ўвайшоў і Каліноўскі./

Якуб Гейштар пісал у сваіх успамінах пра Каліноўскага:

“Адданы душой і сэрцам народу, аднак прыхільнік занадта рэвалюцыйных тэорый, які не спыняўся нават перад развязаннем грамадзянскай вайны і думаў да таго ж аб самастойнасці Літвы”.

Менавіта таму Каліноўскі не хацеў падначаліцца Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту (ЦНК) ў Варшаве. Ён казаў:

“Такой бесталковай галаве, як Варшава, нельга давяраць лёс Літвы”.

Але ж Каліноўскі ішоў на супрацоўніцтва з ЦНК, бо добра разумеў, што свабоду Літвы (Беларусі) нельга заваяваць без саюза з Польшчай. Каб аднавіць незалежнасць былога Вялікага Княства Літоўскага, трэба скарыстацца паўстаннем палякаў супраць Расійскай імперыі. І менавіта таму ЛПК, які абвясціў сябе Часовым урадам Літвы і Беларусі (на чале з Каліноўскім), выступіў з заклікам падтрымаць паўстанне ў Польшчы:

“Браты! Каралеўства паўстала!.. Кроў, што льецца з Нёманам, кліча нас да зброі. Барацьба з захопнікамі за наша святое права, за нашу свабоду набліжаецца і ў нас”.

На пасяджэнні Аддзела кіравання Літвы (утворанага замест ЛПК) 31 ліпеня 1863 года ўдзельнікі паседжання прызналі, што адказнасць за бяздзейнасць нясе Варшава. Тады Уладзіслаў Малахоўскі ўсклікнуў:

“Хопіць жа гэтай пасіўнай ролі, Варшава не разумее нашых патрэбаў, мы самі павінны думаць пра дабро Літвы, пастановім усе тут прысутныя разарваць гэтую залежнасць, якая нас губіць”.

З гэтымі словамі ён кінуў на стол адбітак новай пячаткі, на якой пад выявай герба “Пагоня” было выразана назва “Камітэт кіравання Літвой”. Паводле праекта, Літоўскі камітэт станавіўся незалежным ад Варшавы ўрадам.

Здзіўлены Якуб Гейштар пачаў пераконваць, што ва ўмовах барацьбы такі сепаратызм — проста здрада. У адказ сябры ўрада закрычалі, што бяздзейнасць і цяперашні разлад не менш шкодныя. Каліноўскі асудзіў варшаўскі ўрад, назваў яго агента Нестара Дзюлёрана беспрынцыпным пустамелем, які сваёй балбатнёй толькі шкодзіў працы арганізацыі. Ён патрабаваў прызнаць роўнасць абодвух камітэтаў, падначаліць беластоцкую арганізацыю віленскаму камітэту. ЦНК больш не павінен пасылаць ніякіх сваіх агентаў на Беларусь і ў Літву.

Імкненне Каліноўскага і яго паплечнікаў да самастойнасці Літвы і Беларусі моцна не падабалася ЦНК у Варшаве. Адтуль паслалі ў Вільню Оскара Авэйдэ з мэтай адхіліць Каліноўскага ад кіраўніцтва. Але Каліноўскі цвёрда стаяў на сваім і не саступаў:

“Літва і Беларусь павінны быць самастойнымі, незалежнымі ад Польшчы”.

У святле вось гэткай прынцыповай пазіцыі прадстаўнікоў маладога пакалення літоўскай (беларускай) шляхты становяцца зразумелымі і абгрунтаванымі матывы аўтанамісцкай (сепаратысцкай – на погляд тагачасных апанентаў) палітыкі Каліноўскага.

Нагадаю ў гэтай сувязі, што на працягу 50 гадоў пасля Каліноўскага барацьбіты за беларускае нацыянальнае Адраджэнне не ішлі далей ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай Рэспублікі. Нават у сакавіку 1918 года лік прыхільнікаў аўтаноміі і поўнай незалежнасці заставаўся амаль роўным.

Духоўнае адзінства

Як кіраўнік нацыянальна-вызваленчага руху, Каліноўскі імкнуўся аб’яднаць пад сцягам барацьбы за агульныя інтарэсы незаможную мясцовую шляхту і сялянства. Зразумела, што гэта патрабавала кансалідацыі народа на падставе агульных духоўных каштоўнасцей. Адсюль яго выбар на карысць уніяцкай рэлігіі.

Ва ўмовах таго часу менавіта уніяцкая царква адпавядала ідэі сацыяльнай згоды і нацыянальнай кансалідацыі шырокіх мас беларускага насельніцтва, асабліва ў заходняй палове Западнага краю, дзе яшчэ жывая была памяць пра вунію. Праваслаўную жа царкву масавая свядомасць звязвала з палітыкай самадзяржаўя, інтарэсы якога яна упарта абараняла. Расейская праваслаўная царква з’яўлялася сродкам духоўнага задушэння беларускага сялянства.

Разам з тым Каліноўскі – як выразнік інтарэсаў “нізоў” – не мог аддаць перавагу каталіцкай веры, таму што большасць мясцовых абшарнікаў належала да Касцёлу, а іх інтарэсы ішлі насупраць спрадвечнай мары беларускіх сялян аб “зямлі і волі”.

Такім чынам выбар уніяцтва, з аднаго боку, імпанаваў памкненням беларускага сялянства і пашыраў сацыяльную базу паўстання, а з другога боку – адпавядаў ідэі стварэння самостойнай беларускай дзяржавы, няхай сабе ў выглядзе аўтаноміі.

Сацыяльная роўнасць

Мы бачым у Каліноўскага пэўны прымат сацыяльнага над нацыянальным, бо ворагі «мужыкоў» – царскія службоўцы і абшарнікі. Адгэтуль яго заклік да сялян падняцца на барацьбу супраць самадзяржаўя і прыгонніцтва. І адгэтуль жа – яго варожае дачыненне да той часткі ліцвінскай (беларускай) шляхты, якая празмерна спольшчылася і не жадала вызнаваць ідэю сацыяльнай, нацыянальнай і канфесійнай вольнасці сялян.

Але ён з удзячнасцю прымаў дапамогу тых паноў, якія не страцілі патрыятычных пачуццяў, ахвяравалі сваю маёмасць і багацце на паўстанне, як, напрыклад, граф Юзэф Тышкевіч, князь Міхаіл Агінскі, мінскі ваявода Карнель Пялікша і іншыя. Апалінарыя Серакоўская пазней успамінала:

“Ведалі мы Каліноўскага шмат гадоў, быў ён сябрам люду — можа, нават хлопаманам, але ніколі не быў ворагам якой-небудзь часткі свайго народа. Тое, што падае камісія пра яго радасць, што шляхта вывезена і вынішчана, магло быць спробай адцягнуць увагу камісіі і Мураўёва ад няшчаснай і спакутнай шляхты”.

Гэтыя словы заслугоўваюць больш даверу, чым стэрэатыпныя заўвагі гісторыкаў. Яны адзначалі факт, а Серакоўская асэнсоўвала жыццё чалавека, якога добра ведала.

Калі Каліноўскі ўвосень 1863 г. ізноў вярнуўся ў Вільню, ён выдаў “Прыказ… да народа зямлі Літоўскай і Беларускай”. У ім Каліноўскі заклікаў народ не дапамагаць царскім уладам, не плаціць чыншоў, аброкаў і падаткаў панам і ў царскую казну. Асобна ўказвалася на царскую прапаганду, якая выдавала паўстанне як панскі мяцеж:

“Дурыць вас Маскаль, талкуючы вам, што гэта паны падняліся, каб павярнуць назад паншчыну — ён хоча ваду скаламуціць, каб у вадзе мутнай па-старому рыбу лавілі. Но дзела наша — не дзела панскае, а справядлівай вольнасці, якой вашыя дзяды да бацькі з даўня ждалі, а якую маскаль з кравапійцамі  вашымі спыніці хоча! Дзела наша — гэта дзела такой вольнасці, якую сам Бог, прыйшоўшы на гэты свет, хацеў устанавіці і за якую праліў сваю кроў святую і цярпеў крыжовыя мучэнні!”

Узгаданы вышэй Б. Ліманоўскі пісаў на гэты конт:

«Быў ен шчырым народнікам. Вызнаваў тое перакананне, што толькі сялянскае паўстанне верне свабоду літоўскаму народу. Народ для яго не быў адным толькі сродкам, але найперш мэтаю. Вызваленне сялян, ператварэнне іх у грамадзян – вось галоўная мэта».

Па сутнасці, Каліноўскі вызнаваў ідэю грамадзянскай супольнасці, пашыраную сярод сучасных палітолагаў і сацыёлагаў.

Высновы

Каліноўскі не стварыў сваёй партыі і не распрацаваў праграму ревалюцыйнага руху. Але яго барацьба не была марнай. Пасля стварэння Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады аб ім сталі гаварыць і пісаць браты Луцкевічы, пазней Аляксандар Цвікевіч і Вацлаў Ластоўскі. Менавіта ў Каліноўскім яны ўбачылі свайго папярэдніка. Для такога меркавання былі ўсё падставы:

- З Каліноўскага пачалося афармленне – ў рэчышчы польскага вызваленчага руху – ўласна беларускіх (“ліцвінскіх”) нацыянальных патрабаванняў (перш за ўсё ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе новай Рэчы Паспалітай, дэмакратычнай канфедэратыўнай дзяржавы).

- Каліноўскі першым звярнуў увагу на сялянства як галоўную дзеяздольную сілу беларускай нацыі.

- Менавіта ён паклаў пачатак злучэнню сацыяльна-эканамічных (аграрных), палітычных і рэлігійных праблем нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларусаў.

Каліноўскі адыграў важную ролю ў працэсе ператварэння рэвалюцыйнага руху “тутэйшай” шляхты, якая спачатку ставіла сваёй мэтай аднаўленне ўнітарнай Рэчы Паспалітай, у рух беларускага Адраджэння, які злучыў задачы нацыянальнага вызвалення з вызваленнем сацыяльным. Націск на праблемах сацыяльнай няроўнасці стаў вызначальным для ўсёй культурна-асветніцкай і палітычнай дзейнасці нашых адраджэнцаў.

Ва ўспрыманні патрыятычнай часткі цяперашняй беларускай моладзіКаліноўскі па-ранейшаму застаецца рамантычным маладым шляхцічам, які здолеў першым (і адзіным у свой час) сказаць пра “мужыцкі народ” (яшчэ не беларусаў) як аб людзях са сваім гонарам, сваім правам, сваёй верай і сваёй гісторыяй.

Subscribe

  • Сын святара

    Значнай асобай нашай гісторыі з’яўляецца Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі – дзяржаўны і грамадскі дзеяч Беларусі, вучоны-гісторык, першы…

  • Средняя Литва

    Как известно, в 1919 году Вильня с прилегающей территорией стала «яблоком раздора» между Польшей и Летувой. Дело дошло до войны.…

  • Концепция беларуской национальной идеи

    Беларуский народ, несмотря на 20 лет жизни в суверенном государстве, продолжает находиться в идеологической и культурной зависимости от России.…

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments