Чаму бізнэсу не камфотна на Беларусі
У 2011 годзе у Беларусі адбыўся сапраўдны лакальны эканамічны крызіс, які быў выкліканы не вонкавымі, а ўнутранымі праблемамі. Гэта дало падставу гаварыць аб эканамічным краху ўсёй афіцыйнай мадэлі эканомікі, якую реалізоўвалі ўлады пачынаючы з 1998 года. Асноўным абвінавачваннем з боку незалежных экспертаў стала тое, што ў Беларусі не створаны спрыяльны бізнэс-клімат, існуючыя прадпрыемствы стогнуць пад прэсам праверак і спагнанняў, падатковая сістэма вельмі складаная і вялікі падатковы цяжар накладзены на бізнэс, асабліва прыватны, паўсюдна працвітае карупцыя і “кумаўство”, цяжка зарэгістраваць бізнэс. Адным словам стандартны набор абвінавачванняў у нерынкавасці беларускай мадэлі эканомікі.
Але трэба разабрацца ці праўда гэта. Згодна з рэйтынгам лёгкасці вядзеньня бізнэса, складзенага Сусветнай фінансавай карпарацыяй і Сусветным банкам, Беларусь у 2011 годзе займала 69 месца, а па такім паказчыкам як рэгістрацыя прадпрыемстваў займала 9 радок, а рэгістрацыя уласнасці – аж 4 месца . У той час згодна з гэтым рэйтынгам Расея займае 120 месца, Украіна – 152 месца, Літва – 27 месца, Польша – 62 месца, Казахстан – 47 месца. То бок месца, якое займае наша краіна ў гэтым рэйтынгу, вельмі прыстойнае і яно паказвае, што на заканадаўчым узроўні зроблена вельмі шмат для таго, каб беларусы маглі пачаць і развіваць свой бізнэс. І сапраўды, адкрыць свой бізнэс у нас не складана (ІП адчыняецца за 2-3 дні) - праверана на ўласным досведзе. Але вось як далей дзенічаць, дык тут узнікаюць пытанні. Праблема не ў тым, што душаць-абкладаюць-прыціскаюць-не даюць, а ў тым што ў Беларусі досыць абмежаваны попыт на шмат якія катэгорыі тавараў і паслуг, насельніцтва мае даволі сціплыя даходы і нават тое, што зарабляе, даволі актыўна адкладае на “чорны дзень” (у асноўным грошы адкладаюцца ў якасці дэпазітаў у банках). То бок насельніцтва, бізнэс, дзяржава ў нас бедныя (але не нішчыя) і не ствараюць дастатковы попыт для новых бізнэсаў.
Усе гады нашай незалежнасці беларусы пачыналі як правіла свой бізнэс у Беларусі, а калі ў беларускага бізнэсмэна былі амбіцыі і прага пашырыць, ўмацаваць свой бізнэс – ён адразу кідаў свае погляды ў бок Расеі. Але мы бачым, што Расея спрыяльным бізнэс-кліматам пахваліцца не можа.
Дык чаму беларускі бізнэс глядзіць першую чаргу у бок расейскага рынку. На гэтую бізнэс-прывабнасць уплываюць некалькі фактараў. Паспрабуем іх вылучыць.
Па-першае, у Расеі сярэдняя зарплата на пачатак 2012 года склала амаль 800 даляраў, на Украіне – 375 даляраў, Літве – 750 даляраў, Польшчы – больш за 1000 даляраў, а ў Беларусі ўсяго 340 даляраў. Хаця сярэдняя зарплата па краіне гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы, але гэты паказчык яскрава ілюструе пакупную здольнасць насельніцтва, якая з’яўляецца асноўным аб’ектам, які стварае попыт на тавары і паслугі прыватнага бізнэса. У Расеі пакупная здольнасць насельніцтва большая у два разы чым на Беларусі.
Па-другое, у Беларусі валавы ўнутраны прадукт (ВУП) складае 13,864 даляраў на душу насельніцтва (згодна з методыкай МВФ за 2010 год), у Расеі – 15,807, на Украіне – 6,665, Літве – 16,997 і Польшчы – 18,837 даляраў. То бок у суседніх краінах, акрамя Украіны, вырабляецца больш розных прадуктаў і паслуг ў пераліку на кожнага грамадзяніна.
Па-трэцяе, у Беларусі пражывае 9,466 млн. чалавек (на канец 2011 года), у Расеі – 143,03 млн., на Украіне – 45,665 млн., Літве – 3,199 млн. і Польшы – 38,163 млн. чал. Як бачым у Расеі пражывае ў 14 раз больш спажыўцоў. Разам з даходамі насельніцтва паказчык колькасці насельніцтва з’яўляецца вызначальным для шмат якіх бізнэсаў у іх планах разгортвання дзейнасці ў тым ці іншым рэгіёне.
Так, у Расеі жыве значна больш насельніцтва, яно багацейшае і народная гаспадарка там багацейшая. Вось таму беларускі бізнэс як і працоўная сіла перацякае (на час ці назаўсёды) ў Расею. Бо, як адзначана вышэй, для бізнэсу вызначальную роль грае наяўнасць плацёжаздольнага насельніцтва, бізнэса і дзяржаўнага бюджэту. Ці не таму ўсе сусветныя брэнды маюць свае прадпрыемствы ці прадстаўніцтва ў такіх краінах як Расея, Кітай, Індыя, Бразілія. А такія фактары як карупцыя, складанае падаткаабкладанне маюць другасную ролю для разгортвання бізнэсу.
З гэта вынікае, што Беларусі ў бліжэйшай перспектыве важна падвышаць узровень жыцця насельніцтва. Але гэта павінна адбывацца не штучна (як гэта рабілася дагэтуль), а праз утварэнне з дапамогай дзяржаўных інвестыцый новых прадпрыемстваў, развіцця бізнэс-ініцыятываў у розных частках рэспублікі, асабліва ў малых мястэчках. То бок зараз дзяржаве важна падтрымаць, а часам і самой інцыяваць утварэнне новых прадпрыемстваў. На жаль цяперашняя дзяржаўная мадэль эканомікі не мае ўнутранай сілы і магчымасцяў рабіць якія-небудзь перабудовы. Але гэтыя перабудовы ўсё ж адбудуцца, але ўжо пад ціскам часу і ўнутраных абставін.